АНІ́ЙСКАЕ ЦА́РСТВА,
армянская феад. дзяржава (860—1045) са сталіцай у г. Ані (зараз Турцыя). Узнікла ў выніку аб’яднання Арменіі Багратыдамі і вызвалення ад улады Арабскага халіфата. Найбуйнейшае сярод феад. дзяржаў сярэдневяковай Арменіі, аб’ядноўвала яе большую частку. Высокага ўзроўню развіцця дасягнулі ў Анійскім царстве рамёствы і гандаль, навука, архітэктура, л-ра і мастацтва. Узмацненне феад. эксплуатацыі выклікала антыфеад. нар. рух тандракійцаў. У 10 ст. ў выніку феад. раздробленасці ў Анійскім царстве ўтварылася некалькі царстваў — васалаў Багратыдаў. У 1045 заваявана Візантыяй.
т. 1, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)